М. А. Тычына (Мінск) чалавечае вымярэнне ў сучаснай беларускай прозе



жүктеу 116.88 Kb.
Дата28.04.2016
өлшемі116.88 Kb.
: bitstream -> 123456789
123456789 -> Метанарративы национальной идентичности в современной массовой литературе россии
123456789 -> Учебно-методическое пособие для политологического отделения минск 2012 г
123456789 -> Лекция Научное познание как предмет методологического анализа 4 Методы научного познания 5
123456789 -> I. Пояснительная записка Основой целью изучения учебной дисциплины «Гидроэкология»
123456789 -> А. А. Шавель абсурд в драматургии а. Казанцева
123456789 -> Пространство, время, стиль (пространственно-временной концепт в архитектуре и искусстве, 1850 1900)
123456789 -> Костромичева Мария Васильевна
123456789 -> А. В. Данильченко Регистрационный № уд /р. История Словакии (специальный курс) Учебная программа
123456789 -> Лекция Понятие об авиамоделировании. Виды авиамоделей. Свободнолетающие авиамодели. Схематические модели планеров
123456789 -> Вопросы к экзамену по курсу «Ландшафтоведение» для студентов дневного отделения
М. А. Тычына (Мінск)
ЧАЛАВЕЧАЕ ВЫМЯРЭННЕ

Ў СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ПРОЗЕ
Чалавечае вымярэнне ў сучаснай літаратурнай навуцы – метафарычнае паняцце. Яно азначае ўяўленне пра мастацкую творчасць як спосаб увасаблення “чалавечага, занадта чалавечага”. Гэта вымярэнне ўбірае ў сябе многія аспекты стварэння вобраза чалавека ад homo naturalis да homo sapiens. Як паняцце яно ўзнікла ў выніку неабходнасці падкрэсліць унікальную ролю мастацкай творчасці ў змаганні чалавека за чалавечае ў сабе.

Само паняцце “вымярэнне” як сукупнасць дзеянняў, якія пры дапамозе адпаведных прыбораў знаходзяць лічбавае значэнне той ці іншай велічыні ў прынятых адзінках вымярэння, з’явілася ў прыродазнаўчых навуках. Але гуманітарныя навукі не маюць такой вымяральнай тэхнікі, накшталт праградуіраванай лінейкі, якая дапамагла б атрымаць адпаведную інфармацыю пра аб’ект вывучэння для апрацоўкі яе на ЭВМ альбо візуальнага назірання на экране дысплея. Нашы тэхналогіі ў гэтым сэнсе добра вядомыя: апісанне, параўнанне, асэнсаванне. У гуманітарных дысцыплінах абсалютная большасць паказчыкаў не паддаецца непасрэднаму вымярэнню з дапамогай традыцыйных тэхнічных сродкаў. Акрамя відавочных праблем дакладнасці, адчувальнасці і надзейнасці, для гуманітарнага інструментарыя існуе вострая праблема здольнасці вымяраць менавіта тыя якасці чалавечай асобы, якія закладваюцца ў аснову аўтарскай задумы.

Нягледзячы на немагчымасць верыфікацыі духоўных феноменаў, мастацкая літаратура стварае даступную для разумення вобразную мову. Калі псіхалагічны аналіз суадносіць мастацтва слова з формамі жыцця, то, скажам, герменеўтыка звязвае яго з сімвалічнымі кодамі, якія не могуць быць адвольнымі альбо бессэнсоўнымі. Вобразнае слова не нешта ізаляванае ад чалавечай жыццядзейнасці. Кожны з нас жыве ў віртуальным свеце вобразаў, міфаў, мадэлей, сімулякраў. Можна, вядома, на пытанне: “Дзеля чаго жывуць паэты?” — адказаць, як адказаў Пятро Васючэнка ў двухрадкоўі: “Жывуць... І дзякуй ім за гэта” [1, с. 69]. Што гэта: метафара ці прыўкраснае слова, страшэнна далёкае ад жорсткай рэальнасці? Альбо гэта і ёсць сама праўда жыцця? Чалавечае вымярэнне катэгарычна абвяргае прагматычны, падкрэслена рацыяналістычны пафас сучасных прыродазнаўчых падыходаў і стварае экзістэнацыяльны па духу і лірычны па форме праект сучаснага быцця.

Аднак у наш час і само прыродазнаўства паўстае супраць прыродазнаўства. Сучасная цывілізацыя, прайшоўшы прыродацэнтрычны і богацэнтрычны этапы ў эвалюцыі homo sapiens, уступае ў новую фазу гістарычнага развіцця, якую называюць антрапацэнтрычнай. Антрапацэнтрычны падыход вывучае феномен чалавека ў якасці апорнай канструкцыі сістэмы філасофскіх, духоўных і эстэтычных каштоўнасцей, якія ляжаць у аснове не толькі літаратуры і мастацтва, але і сучаснай касмалогіі.

Антрапацэнтрычны характар светапабудовы, сцвярджаюць астрафізікі, можна ўгледзець у пабудове атама вадарода: калі б яго ўдзельная вага была на мільённую долю меншая, то не было б ніякіх падстаў гаварыць пра ўзнікненне жыцця на Зямлі, і з’яўленне чалавека разумнага.

Паварот да антрапалагічнай праблематыкі адбываецца пад магутным уплывам чалавечай дзейнасці ў эпоху, названую амерыканскім геолагам і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі П. Крутцэнам эпохай антрапацэну. Сучасны чалавек моцна ўздзейнічае на змены ўнутранай і знешняй пабудовы Зямлі (адбываецца змяшчэнне многіх парод, змяняецца склад паветра і тэмпература, прагрэсіруе эрозія глебы; прыкметна скараціўся лік біялагічных відаў, многія з іх змянілі арэолы жыхарства; з-за росту СО2 у сусветным акіяне змяніліся марскія харчовыя ланцужкі). У выніку Міжнародная камісія па стратыграфіі плануе афіцыйна зацвердзіць новы тэрмін і новы пункт адліку ўзросту планеты пад назвай – эпоха антрапацэну.

Актуальны стан сучаснага светапогляду пранізаны адчуваннем нашай роднаснасці касмічным стыхіям, якое глыбока выяўляюць найбольш чулыя да сейсмічных штуршкоў беларускія паэты і празаікі: “Я той, хто шлях і хто па ім ідзе” (А. Разанаў); “Час – гэта мы” (В. Казько).

Паводле вядомага вызначэння старажытнагрэчаскага філосафа Пратагора: “Чалавек ёсць мера ўсіх рэчаў — існых у іх быцці і не існых у іх небыцці”. Нездарма старыя грэкі паказвалі карціну зорных сусветаў на велічнай постаці чалавека. Аб’ектыўная ісціна па форме свайго быцця, і гэта відавочна, мае чалавечае вымярэнне.

Менавіта на такі, антычна-біблейскі, узровень уздымае празаік Віктар Казько, аўтар рамана “Бунт незапатрабаванага праху”, свой аповед пра Юрыя-Георгія-Германа Говара, звычайнага, грэшнага чалавека, “монстра дваццатага стагоддзя”. На працягу сваіх 33 “хрыстовых” гадоў герой не раз звяртаецца да Бога з мальбой адкрыць тайну свайго нараджэння, бо без гэтага ён не здатны растлумачыць, што адбываецца з ім самім, з яго сябрамі, з чалавецтвам на зломе тысячагоддзяў (нагадваю, што раман напісаны ў 1989-1999 і апублікаваны ў 2000 гадах). Можа, і мае рацыю аўтар: “Не заўсёды Богу варта ўлазіць у людскія справы, як не трэба і чалавеку лезці ў Боскае. І самым трывалым атрымліваецца тое, што складваецца само па сабе”[2, с. 169].

Чалавек яшчэ можа растлумачыць, чаму ледзь не распалася вялікае пачуццё кахання героя да Надзеі — дзяўчыны, якая сваімі паводзінамі ніяк не нагадвала пра свой славуты радавод ад самога дзекабрыста Якушкіна (памятаеце ў Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна: “Меланхолический Якушкин, / Казалось, молча обнажал, / Цареубийственный кинжал”). Нікому і ў галаву не прыходзіла, што яна зусім іншая і што ёй гульня ў перадавікоў, выдатнікаў, актыву і пасіву чужая. Яна жыве ў думках і ўяўленні ў мінулым стагоддзі – яна гордая і натурыстая прыгажуня княгіня Марыя Мікалаеўна Валконская. “У дваццатым стагоддзі яна падкідыш мінулага, як, пэўна, і ўсе дзкабрысты не дзеці свайго часу, а падкідышы” [2, с. 135].

Бог можа растлумачыць страшную “смерць у цэменце” падчас аўралу, такога знаёмага “будаўнікам рэальнага сацыялізму”, сяброў Рабіновіча з Карповічам: “Яны памерлі ў абдымку і моўчкі, сустрэлі смерць па-мужчынску, сцяўшы зубы. Рот у кожнага быў чысты, толькі прыпудраны шэрым пылам ды па самым краёчку вуснаў крыху закарэла-забентаваны. А вось вушы і нос былі моцна і чырвона зацэментаваны цалкам. Пэўна, адтуль хлынула перадсмяротная кроў. Яны ляжалі на шэрым цэментавым прасцірадле, як сярод вясковага, асуджанага ўжо да памірання таросіста-наварочанага паводкаю лёду, два таксама асуджаныя да жудаснай пагібелі пакутнікі, сканалі ў абдымках адзін аднаго. Нібыта яны перад смерцю пабраталіся і пакляліся навечна застацца неразлучнымі. І сапраўды, пасля смерці іх так і не здолелі разлучыць, раз’яднаць” [2, с. 196].

Аднак дасягнуць такой жаданай на працягу ўсяго свядомага жыцця самаідэнтыфікацыі можа толькі сам Говар, калі нарэшце даведваецца сваё сапраўднае імя, дадзенае бацькам, арыштаваным і расстраляным у часы сумнавядомай эпохі “рэпрэсанта”. Ад таго толькі і засталося памяці, што канцылярская паперка: “Скончался от сердечной недостаточности в пятьдесят четвертом году. Прах не востребован. Похоронен...”. Даведаецца, калі вернецца пасля працяглага, на паўжыцця, блукання ў родныя мясціны, у глыб Палесся. Няхай сабе і густа засыпанага радыяцыяй. Як вярнуўся і сам Віктар Казько.

Макрыяну Говару (гэта яго сапраўднае імя, бо нарадзіўся ён у час аблавы сярод непраходнага балота) страсна хочацца расказаць людзям пра сябе, але “мацней за ўсё ў ім згрызотнае, як тыя ж метастазы, жаданне выказацца, каб яго ўсе адразу пачулі і зразумелі, жаданне быць шчырым і адкрытым імгненню і чалавеку... Ад чалавека, нават ад уласнай жонкі, ён увесь час чуе крык-папярэджанне: не трэба, не трэба, не трэба! І гэта якраз тады, калі кожную хвіліну ўслых гаворыцца зусім іншае: трэба, трэба, трэба!” [2, с. 11].

Паняцце “чалавечае вымярэнне” і ёсць імкненне паклікаць да дасягнення даляглядаў духоўнага існавання ў самім чалавеку, у яго душы, абудзіць у людзях жаданне хаця б часткова пераадолець саміх сябе. Бог не “мёртвы”, ён жыве ў кожным з нас, нагадвае аб сваёй прысутнасці ўвесь час, штогадзіны і штохвіліны, нават тады, калі чуецца роспачны крык “Бог мёртвы!”

Літаратура як “чалавеказнаўства” – выказванне А. М. Горкага змяшчае ў сабе адпачатковае значэнне, якое занядбалі сучасныя празаікі, беручы за ўзор не лепшыя творы савецкага класіка, і якое нагадвала пра неабходнасць вымяраць зямныя справы і падзеі нябеснымі маштабамі. Прынцыповая хрысціянская этычнасць, уласцівая даўняй беларускай літаратуры, антычны касмізм мыслення пакрысе вяртаецца ў творы сучасных беларускіх празаікаў.

“Трэба адцягнуць увагу ад сучаснага значэння слова “вымярэнне”, — піша рускі даследчык філасофскай антрапалогіі Б. В. Маркаў, — інтэнцыя якога зададзеная геаметрыяй і абсалютызавана навукай. Аднак вымярэнне – не толькі вымярэнне зямлі, геа-метрыя, не толькі накладванне ідэальных і ў той жа час адвольных эталонаў на рэчы. Адпачатковая сутнасць вымярэння раскрываецца паэзіяй, якая супастаўляе неба і зямлю. Паэзія – гэта мера, якая сягае да сутнасці. Яна ёсць такое мерапрыемства, якое вымярае і самога чалавека, найвышэйшай мерай якога з’яўляецца яго смяротнасць. Чалавек – адзіная істота ў Сусвеце, якая ведае і заклапочана сваёй смяротнасцю, усведамляе сваю канчатковасць як фундаментальны факт быцця” [3, с. 64—65].

Беларуская літаратура і літаратурная навука па сваёй жыццестваральнай сутнасці не могуць успрымаць усур’ёз модныя развагі пра “смерць аўтара” і “смерць мастацтва”, пра “канец чалавека” і “пахаванне нацыі”. Развагі пра ўсеабдымны крызіс літаратуры і мастацтва, пра іх адчужанасць у свеце прагматычных памкненняў і меркантыльных інтарэсаў, адно расслабляюць волю сучасніка ў яго імкненні вырашыць актуальныя праблемы ўзаемадносін чалавека і прыроды, чалавека і чалавецтва, чалавека і чалавека.

У цэнтры мастацкага пазнання ў пачатку ХХІ стагоддзя апынулася, з аднаго боку, праблема чалавека ў гісторыі, а з другога — праблема гісторыі ў чалавеку. У выніку змены акцэнтаў у поглядзе на чалавека і навакольны свет прыкметна ўзрасла цікавасць да шматстайнасці жыцця, адзінкавасці і унікальнасці нацыянальных культур, неадназначнасці людскіх лёсаў, праяў сучаснага нелінейнага дэцэнтраванага падыходу да гісторыі

Антрацэнтрычны падыход ў беларуская мастацкай прозе паглыбляецца за кошт аналітычна-крытычнага апісання і асэнсавання ўзнятых дзесяткамі сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў праблем “чалавечага існавання” (варта, напрыклад, назваць лічбу 86 — столькі кніг было апублікавана толькі ў адным 2008 годзе!). Сярод іх варта асобна вылучыць творы сучасных празаікаў Ю. Станкевіча, У. Арлова, А. Глобуса, А. Федарэнкі, Е. Вежнавец, Б. Пятровіча, Л. Рублеўскай, прысвечаныя вядомым і невядомым вызначэнням сучаснай антрапалогіі: Homo loguens (чалавек, які гаворыць), Homo faber (чалавек, які стварае), Homo sapiens (чалавек разумны), Homo agens, Homo tragicus, Homo litterae, Homo naturalis, Homo socius, Homo historicus, Homo monumentum, Homo ludus і інш. (усяго 15 вядомых і мала вядомых варыянтаў).

У заключэнне некалькі думак пра Homo ludus – пра чалавека, які гуляе, забаўляецца. Пра Алеся Наварыча, аўтара рамана “Літоўскі воўк”. Гэты твор “Уладар пярсцёнкаў”, вядома, але чытаецца на адным дыханьні. І гэта ў час, калі чытач страціў здольнасьць здзіўляцца і наогул не чакае ад літаратуры асаблівых ўзлётаў. Чытач адразу апынаецца “ў краі русалак і пярэваратняў”. Можна дадаць — у краі нібыта бесталковых мужыкоў-палешукоў, якія нагадваюць “шылераўскіх разбойнікаў” і цярпліва чакаюць, калі надыдзе інсурэкцыя і яны нарэшце пацешацца ад душы з яснавяльможных панкоў і падпанкаў, акупантаў і абскубантаў, а пакуль прыкідваюцца блазнамі, дурнямі, дзівакамі.

У гэтым перакуленым свеце лясоў і балотаў, пушчаў і прошчаў, звяроў і пачвараў “усё наадварот”, не так, як у недалёкай Польшчы, а тым больш у вялізнай, страшнай і незразумелай, Вялікаросіі. На шчасце, наратар добра ведае, z malymi wyjatkami, што ёсьць bardzo konwencjonalna proza, а яшчэ лепш свайго рэцыпіента, не напружвае лішне яго: “Даўно гэта здарылася, да рэвалюцыі яшчэ, нават да японскай, ды і да турэцкай войнаў. За колішнім польскім бунтам яно адбылося”. Наратар наогул не дае чытачу адхіліцца ад працэсу ўспрыманьня тэксту і раз-пораз нагадвае таму пра заключаную з першых радкоў канвенцыю. “Пэўна, чытач здзiўлены вышэйнамаляванымi падзеямi”, “але дзеля гэтага чытачу давядзецца прачытаць усю нашу гiсторыю да канца”, “так што мушу разлiчваць i на нецярплiвых i тлумачыць, што да чаго”, “Вось тут i ўвага, чытач! Менавiта тут i здарылася тое, што спатрэбiцца дзеля разумення першага раздзела” [4, с. 5, 7, 14].

Ва ўсім, што рабілася на геапалітычнай прасторы “Северо-Западного края”, “усходніх крэсаў”, ці Беларусі, калі “на мове хамаў”, “па-ліцвінску, ці русінску, або, як яшчэ казалі — па-беларуску”, словам, на гаворцы насельнікаў краю, які “распасціраецца ад Прыпяцкіх балот да Дзвіны і Віліі”, бачылася “польская інтрыга” (на Піншчыне, дзе я настаўнічаў, нават пра вясновую паводку казалі: “З Польшчы вады наплыло”). Беларус-паляшук выдатна засвоіў гэтую навуку балансавання на канаце супярэчнасцяў, прагматычна ацэньваючы магчымасці “бакоў”, нярэдка балюча памыляючыся, але ўрэшце інстынкт выжывання ўсё адно ратаваў, надзейна хаваючы яго самаідэнтычнасць.

Чытач да апошняе старонкі не ведае, хто ж знаходзіцца ў клетцы ў звярынцы, пан ці воўк, і хто каму, крыважэрны чалавечыска ці бедны воўк-пад’ярак, пагрыз лапу-руку. “I раптам, гледзячы на ваўка, звяругу, настаўнiк убачыў зусiм не ваўка, а чалавека… Самога сябе ўбачыў… Развёў рукi ў бакi, i той чалавек рукi адставiў… Сiвы воўк знiк, а чалавек застаўся” [4, с. 14]. Гэта ўжо не адбiтак у люстэрку, а куды больш складаная оптыка.

Вядомае з паэзіі XIX ст. “ў ваўкалака абярнуся”, карнавальнае пераапрананне (прынц іграе ролю жабрака, дурня карануюць на трон, перамога абарочваецца паразай), добра знаёмае з часоў Караткевічавага “Евангельля ад Юды” (У. Караткевіч і тут умудрыўся апярэдзіць сенсацыйнае адкрыцьцё нядаўняга часу), дакладней, рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (ліцадзеі, народ несамавіты, бліскуча граюць прышэсце Хрыста і ягоных апосталаў у Беларусь), — свядома абраны стыль паводзінаў у свеце. Менавiта гэта манера трымацца пасярод чужакоў дапамагае персанажам, недаверлiвым беларусам-ліцьвінам, дэзарыентаваць “ворагаў беларушчыны”, а ў звязку з гаворкаю пра раман заблытаць сюжэт. На вачах чытача, які з часоў пушкінскага “Дуброўскага” звык да падобнага роду дзівосаў, адбываецца працэс травестацыі: выпісаны з Масквы настаўнік Арыстоклій Дастоеўскі ператвараецца ў кіраўніка паўстанцаў Артура Буевіча (“З Буевічамі сілай лепш не мерацца. З імі, шалёнымі, лепей не звязвацца”), а “пазаўчарашні ангелец” [4, с. 106], “англамоўны ёлупень” — у Kastusja Kalinowskiego (“На дне, на аселай пене было напісана — “Kastus”). Сон як рукой зняло, рэшткі хмелю імгненна выскачылі з галавы. Вось яно што!” [4, с. 140]).

Мадэлі пісання-чытання ў рамане “Літоўскі воўк” рэзка змяняюцца — акурат тое, чаго патрабуе сучасная постмадэрнісцкая эстэтыка, заснаваная на радыкальным пераасэнсаванні традыцый, на чаканні “навізны”, на кантактаванні з чытачом. Свядома заблытаны сюжэт нагадвае працэс зборкі-разборкі “канструктара”, дзе ўсё ўзаемазвязана, часткі выяўляюць цэлае, а цэлае знаходзіць свой працяг у частках. Усё ў рамане ўзаемазамяняльнае: левае — правае, мінулае — сучаснасць, рэвалюцыя — эвалюцыя, сакральнае — прафаннае.

Пачатак тэксту, як выяўляецца, ёсць яго канцом, а канец вяртае да пачатку. Гэткая стужка Мёбіюса, дзе пераход зместу ў форму, а формы ў змест непрыкметны нават пры “запаволеным чытанні”. Гэткае замкнёнае “герменеў-тычнае кола”, калі цэлае ўзнікае з частак, а часткі могуць быць зразуметымі з цэлага. Аўтар, фіксуючы ўвагу на асобных фрагментах тэксту, вылучаючы з сістэмы вобразаў то аднаго то другога героя, стварае ўмовы для эмпатыі, уваходжання, “упачуццёўлення” ў свет, створаны яго ўяўленнем. Кругі пашыраюцца, праяўляюцца падводныя плыні, і паступова адбываецца паглыбленне ў сэнс.

“Прынцып натуры”, які зводзіцца да фаталістычнага “пераначуем, болей пачуем”, чым далей, тым часцей заяўляе пра сябе. Персанажы самараскрываюцца: адным спрыяе ў гэтым добрая кампанія (пан Ежы Урбановіч, расчуліўшыся, прызнаўся ў тым, што яго бацька Казімір быў у палку Панятоўскага, удзельнічаў у паходзе на Маскву і “загінуў за волю роднага краю”), шчодрыя напоі разняволiлi i заўзятага служаку капiтана Фогеля, якi панёс жахлiвую ерась (“я — не масковец… калi мой дзед патрыёт, як вы дапускаеце, што я, iхнi крэўны сваяк, не магу быць патрыётам?.. Я разумею, што мы далучаныя да расейскай кароны… Што мы – забраны край… Думаю толькi адно – мы не палякi” [4, с. 121—122]).

Някепска ўпiсваецца ў гэты кантэкст i сцэна спаткання панi Валеўскай з Кастусём Калiноўскiм, у якой аўтарская iронiя навiдавоку (“Маё сэрца належыць… другой… вы нiякая не патрыётка, не вандроўнiца… Вы – звычайная расейская шпiёнка”. – “Як жа зваць вашу абраннiцу, пане Калiноўскi?” – “Беларусь, а як жа яшчэ…”. – “Каханы, яшчэ не нарадзiўся мужчына, якi мог бы ўстаяць супраць мяне… Давай забудзем пра ўсё…” [4, с. 130—131]).

Урэшце, мы робiмся сведкамi таго, як набывае рэальныя абрысы “эдыпаў бунт” аўтара, якi паўстае супраць свайго лiтаратурнага “бацькi” Уладзiмiра Караткевiча, i ён нарастае як крэшчэнда. “Бунт” гэты не так асабiсты, колькi пакаленчы, накiраваны таленавiтымi “сынамi” супроць генiяльных “бацькоў”. Вынiкам можа быць iнтэлектуальны i творчы заняпад, духоўна-маральнае спусташэнне, адсутнасць пазітыўных iдэй.

Лiтаратурныя алюзii, апеляцыя да класікi, наагул лiтаратурнасць – усё гэта аздабляе раман Алеся Наварыча, падвышае яго iнтэлектуальны ўзровень. Шылер, Мiцкевiч, Пушкiн, Купер, Крашэўскi, Баршчэўскі (“Пан чытаў “Шляхціца Завальню”?..”), Дастаеўскi, Iльф i Пятроў (“Еўропа нам дапаможа”), Колас, Караткевiч, Акудовiч (“Я – ёсць”) – гэтыя iмёны ўвесь час нагадваюць чытачу, што ёсць лiтаратура, а ёсць яшчэ жывое жыццё, ёсць – свет фантазii, а ёсць – рэальны свет.

А можа, i мае рацыю Алесь Наварыч, згадваючы словы Георга Крысцiяна Лiхтэнберга, немца, якi жыў напрыканцы ХVIII стагоддзя, i ягонае мудраслоўе: “Больш чым золата змянiў свет свiнец, i найболей – той, якi ў друкарскiх лiтарах, чым той, якi ў кулях…” [4, с. 216]? Нашы продкi глядзяць на нас са старонак гiстарычных раманаў, а мы глядзiм на iх, “праз затуманенае тоўстае шкло”, расплюшчваючы, як дзецi, да болю нос, каб разгледзець нашу мiнуўшчыну. Людзi несапраўдныя, але гiсторыя сапраўдная.

Чалавечае вымярэнне выразна дэманструе мастацка-выяўленчыя магчымасці сучаснай беларускай прозы, якая пераадольвае межы, пераступае бар’еры паміж магчымым і немагчымым, паступова, але няўхільна пазбаўляецца ад вечнага стану “пераходнасці” і набліжаецца да Абсалюту.



______________________

1. Васючэнка, П. Піраміда Ліннея: Бестыярый. / П. Васючэнка — Мінск, 2008.

2. Казько, В. Бунт незапатрабаванага праху: раман. / В. Казько — Мінск, 2009.

3. Марков, Б. В. Философская антропология: очерки истории и теории. / Б. В. Марков — СПб, 1997.

4. Наварыч, А. Літоўскі воўк. Гістарычны раман. / А. Наварыч — Мінск, 2005.



©netref.ru 2017
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет