Ш alma mater universitatis часлівай дарогі!



жүктеу 3.72 Mb.
бет1/30
Дата17.04.2016
өлшемі3.72 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   30
: DocLib10 -> %D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D0%BE-%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5%20%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8B%20%D0%BA%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80
%D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D0%BE-%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5%20%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8B%20%D0%BA%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80 -> Лексическая антонимия в русском языке
DocLib10 -> Осуществление регионального государственного ветеринарного надзора
DocLib10 -> В лесу родилась елочка Предновогодний эрудицией Игра проводится с учащимися по типу телевизи­онной игры «Кто хочет стать миллионером?»
%D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D0%BE-%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5%20%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8B%20%D0%BA%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80 -> Гомельскi дзяржаўны Ўнiверсiтэт iмя францыска скарыны
%D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D0%BE-%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5%20%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8B%20%D0%BA%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80 -> А адзначце фразеалагізмы, да якіх правільна падабраны словы-сінонімы



Ш
Alma mater universitatis

часлівай дарогі!


Са старажытных часоў вядома аксіёма, што ў адну і тую ж раку, як і ў жыццё, нельга ўвайсці двойчы, бо цябе ўжо будуць абдымаць плыні зусім новай вады і часу. Можа гэта падасца нясціплым, але мне здаецца, што маёй доляй наканавана ў нейкай ступені абвергнуць гэты пастулат, бо так здарылася, што ў сферу таго велічнага паняцця, якое мае гордае імя – Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны, я ўваходзіў двойчы. Першы раз на досвітку свайго жыцця, калі маладым хлопцам, які толькі-толькі скончыў сярэднюю школу, прыехаў у Гомель, каб паспрабаваць свае сілы і здольнасці і заняцца вывучэннем такой складанай, але вельмі займальнай і прыцягальнай навукі – фізікі. І галоўная навучальная ўстанова Палесся шчыра і па-матчынаму ласкава прыняла мяне.

Другі раз я прыйшоў сюды ўжо з салідным жыццёвым вопытам, спрактыкаваным спецыялістам, доктарам навук, вучоным, які зрабіў сабе імя ў даволі спецыфічнай сферы палімерных матэрыялаў, што знаходзіцца на стыку розных спецыяльнасцей, на самую высокую пасаду – рэктара. І між тым наіўным хлопчыкам Алесем і цяперашнім прафесарам Аляксандрам Уладзіміравічам ляжыць дыстанцыя вялікага памеру, дзе змешчаны і мары, і спадзяванні, і надзеі, і поспехі, і расчараванні. На многае я гляджу ўжо выразна іншымі вачыма, але ў галоўным я застаўся нязменным. Асабліва гэта тычыцца ўспрыняцца нашай Alma Mater. Да гэтага часу я захоўваю піетэт перад універсітэтам і лічу, што якраз ГДУ імя Ф. Скарыны – галоўная, вядучая навучальная ўстанова Усходняга Палесся, бо толькі ён адпавядае ўсім асноўным параметрам класічнага універсітэта ў тым выглядзе, у якім яны сфарміраваліся ў сярэдневечча. Сапраўды, дзе яшчэ вывучаюць усе «сем свабодных мастацтваў», як і ў старажытныя часы. Згадаем трывіўм (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і квадрывіўм (арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка). Зразумела, у нашай Alma Mater вывучаюцца самыя розныя дысцыпліны – ад латыні да ядзернай фізікі. Але хочацца пагаварыць пра вечнае.

Гомельшчына – адметная мясціна на вялікім абшары славянскага сусвету. Тут, на скрыжаванні арэалаў шматвекавога бытавання разнастайных уплываў, склалася адметная культурная традыцыя. Невыпадкова, што многія фалькларысты, этнографы, лінгвісты лічылі і лічаць сёння Палессе прарадзімай усіх славян. Ці не таму так багата-песенна наша зямля, якая, здаецца, сама спявае. І кожны, хто заблукае ў наш край, назаўсёды трапіць у палон музыкі нашых рэчак, вясенніх ручаёў, асенняй лістоты, шапацення спелых каласоў. Я памятаю, што на маёй роднай Веткаўшчыне ўсе спявалі.

І людзі тут ва ўсе вякі нараджаюцца з абвостраным пачуццём прыгожага. Згадаем хаця б Кірылу Тураўскага, златоуста всея Руси, паче всех воссиявших, прапаведніка еднасці славянскіх народаў, слынныя «Словы» якога хвалююць і нашага сучасніка. Гэтыя спрадвечныя традыцыі ў ХХІ стагоддзі працягваюцца ў галоўнай вну Палесся – Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны, у сценах якога спасцігалі законы жыцця і творчасці многія выдатныя паэты і празаікі, пачынаючы ад народнага пісьменніка Івана Шамякіна, словамі якога і адкрываецца гэтая кніга.

Як былы студэнт і сённяшні рэктар я ўпэўнены, што ва ўсе часы ў ГДУ, як і раней у педінстытуце імя В. П. Чкалава, жыў творчы дух і творчае натхненне. Вось чаму ў нашых сценах за 80 гадоў выпрацаваліся сапраўднага еўрапейскага ўзроўню навуковыя і культурныя традыцыі. Поруч з матэматычнымі і фізічнымі школамі добра вядомай стала і гомельская школа ў беларускай літаратуры. Аб гэтым сведчыць поспех першай анталогіі «Крыніцы», якая выйшла ў 1998 годзе і была вельмі цёпла сустрэта грамадскасцю Беларусі і братніх славянскіх краін, атрымала шэраг ухвальных рэцэнзій у прэсе. Затым другое, з густам аформленае і з любоўю падабранае выданне лепшых узораў мастацкай творчасці былых студэнтаў і выпускнікоў нашай Alma mater «Універсітэт літаратурны». Зразумела, і гэтая кніга змагла змясціць толькі невялічкую частачку таго, што створана тымі, хто здабываў веды і спазнаваў жыццё ў ГДУ.

Мы з гонарам сцвярджаем, што якраз са сценаў спачатку Гомельскага педінстытута, а пасля і універсітэта выйшлі сапраўдныя таленты, што ўтварылі аснову беларускай – разам з тым і савецкай – традыцый трагічнай ваеннай лірыкі (двое з іх, Мікола Сурначоў і Леанід Гаўрылаў, нават коштам уласнага жыцця). У свой час нашы выпускнікі, вырашыўшы заваяваць сталіцу, зрабілі, па сутнасці, пераварот у літаратуры 80-х гадоў. Сапраўднымі бестселерамі станавіліся раманы Івана Шамякіна, якія чыталі па ўсім СССР і ў Еўропе. І для многіх чытачоў у далёкай Кіргізіі ці Прыбалтыцы яны былі сапраўднай школай жыцця. Шмат песняў было напісана на словы Кастуся Кірэенкі, Паўлюка Пранузы (паэтаў-воінаў, якія прайшлі баявы шлях ад Гомеля да Берліна), свае творы выконваюць шматлікія барды.

Аб значнасці традыцый прыгажосці у нашай ВНУ сведчыць і той факт, што нават акадэмік Іван Фёдаравіч Харламаў пісаў вершы, а паэтамі ў нас становяцца не толькі філолагі, але і эканамісты, фізкультурнікі, матэматыкі. Відаць, аура ў нас такая.

Мы прыкладзем у будучым усе намаганні, каб з'яўляліся ў нас новыя паэты, празаікі, драматургі (дзеля гэтага і наша газета «Гомельскі універсітэт», і новы, дасканалы рэдакцыйна-выдавецкі комплекс), а спектаклі могуць ставіць нашы народныя тэатры. А пакуль як рэктар бласлаўляю ў шчаслівую дарогу гэтую кнігу, якая стане карыснай для многіх чытачоў і распавядзе urbi et orbi (гораду і свету) пра невычэрпны патэнцыял навучальнай установы Палесся – Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францыска Скарыны, раскрые вялікую вартасць і высокія эстэтычныя дасягненні нашых празаікаў, паэтаў, песеннікаў.


А. У. Рагачоў,

рэктар Гомельскага дзяржаўнага

універсітэта імя Францыска Скарыны,

доктар хімічных навук, прафесар,

член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Alma mater universitatis



Паклон табе, Гомель!

У адной з навел аўтабіяграфічнага цыклу «Начныя ўспаміны», над якім зараз працую, я расказаў, як мяне, малога, здаецца, яшчэ дашкольніка, бацька-ляснік павёз у Гомель. Уражанне не забылася і за сем дзесяткаў гадоў. Самае яскравае – наведанне музея «Палац князя Паскевіча». Гэта была галоўная славутасць горада. Думаю, яго наведваў кожны, хто прыязджаў у Гомель, бо добра памятаю размовы каля леснічоўкі: «Быў у Гомелі? Бачыў Пашкевіча? (у народзе так называлі князя). Не бачыў? Эх ты, лапух! Нічога ты не бачыў, калі палаца не пабачыў!»

Думаю, што ў той час у сарака пакоях палаца ўсё захоўвалася, як і пры жыцці славутага генерала. Хіба што самыя каштоўныя карціны, скульптуры – нацыянальны скарб – былі вывезены ў Маскву.

Іншым выглядаў музей праз сем-восем гадоў; калі я наведаў яго, паступаючы ў тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. Хацеў у чыгуначны – не дарос. Мусіў вывучаць хімію (іх было некалькі – арганічная, неарганічная...) матэматыку, супраціўленне матэрыялаў, тэхналогію вырабу цэглы, цаменту. Але не хімія вызначыла мой жыццёвы лёс. Вечары выходныя я праседжваў у гарадской бібліятэцы – літаральна глытаў мастацкую літаратуру, дабраўся да кніг пасля голада па іх у Карме, Краўцоўцы.

Выраслі крылы, калі пачаў наведваць літаратурнае аб’яднанне пры «Гомельскай праўдзе». Арганізатарам яго быў намеснік рэдактара Яўменаў. Але на пасяджэннях вялі рай студэнты педінстытута, паэты, якія ўжо друкаваліся ў мінскіх выданнях, – Кастусь Кірэенка, Леанід Гаўрылаў; лідэрам рускамоўных творцаў быў Дзмітрый Кавалёў.

Я пісаў вершы, многа вершаў. Як было не пісаць, калі закахаўся ў студэнтку медтэхнікума Машу Кротаву, якую ведаў з пятага класа – па вучобе ў Церусе (леснікоў кідалі з месца на месца, як таго Міхала з «Новай зямлі»). Адважыўся пачытаць вершы на пасяджэнні літаб’яднання. Добры Гаўрылаў крытыкаваў паблажліва, дэлікатна, але бескампрамісны Кірэенка разнёс іх, вершы мае, як кажуць, «у пух і прах», даказваючы, што ніякі я не паэт.

Але я не мог не пісаць пра сваё каханне! І напісаў апавяданне. І яго пахвалілі. Дык дзе яно, маё прызнанне ў прозе! А мой жыццёвы лёс – у той адзінай выбранніцы; у маі 1940, калі я канчаў тэхнікум, а Маша працавала фельчарам у Рэчыцкім раёне, мы ўзялі шлюб. І амаль не жылі разам, ва ўсялякім разе, мядовага месяца не мелі. Мяне заслалі на працу ў Беласток. А потым прызыў у армію.

Вайна. Пять гадоў разлукі. З жонкай, з бацькамі, з роднай мовай, літаратурай. Але і там, на вайне, я пісаў. У Кандалакшы – «У снежнай пустыні», пад Берлінам, праўда, пасля Перамогі ўжо, – «Помсту»; называю тое, што надрукавана, што уключана ў зборы твораў.

У кастрычніку 1945 г. зволіўся як спецыяліст: ідзі, хлопча, рабі цэглу, усё ж разбурана, зруйнавана вайной. Але не пра цэглу я думаў. Найперш – пра вучобу. І вядомаж, пра літаратуру. Разумеў: праца на заводзе не дасць вучыцца, на стацыянар жа не паступіць – жонка, дзіця. Трэба жыць! Школа! Толькі ў школе можна вучыцца завочна!

І я прыехаў у Пракопаўку, дзе мая Марыя Філатаўна рабіла фельчарам і мела пакойчык у дваровым доме былога маёнтка. Нехта (Сталін?) прыдумаў разумнае правіла: франтавікі ў любую пару года, як толькі зволіліся з арміі, маглі працягваць перапыненую вучобу і паступаць на завочнае аддзяленне. І ўжо ў лістападзе ці ў пачатку снежня (помню – зімой, у мароз) я здаваў экзамены ў Гомельскі педагагічны інстытут, на гісторыка-літаратурны факультэт. Якія экзамены! Дыктант па беларускай мове; жаданне пісаць па-беларуску здзівіла экзаменатараў; ці не адзін я быў такі «нацыяналіст»! Памылкі я, безумоўна, зрабіў, ды не яны вырашалі лёс. Тым больш, што па гісторыі я адказваў так, што здзівіў старога прафесара (не помню прозвішча).

Паступіў. А як вучыцца? Жылі галодна, халодна. У школе – гадзін 30 нагрузкі мовы беларускай, нямецкай (паступіў на маскоўскія завочныя курсы), грамадская нагрузка – сакратар аб’яднанай сельсавецкай партарганізацыі – на шэсць ушчэнтразбураных калгасаў, а райком патрабуе: пасей, здай, выканай план лесанарыхтоўкі... Але галоўнае – нястрымна хацелася пісаць. Апынуўся сярод партызан, загарэўся іх тэмай. Адразу замахнуўся на раман. Смеласць!

Сядзеў начамі. А ў адзінае вакно з шыбкамі з асколкаў шкла на рукапіс памятала гурбачкі снегу. Але ж трэба і інстытуцкія прадметы вучыць – набліжалася летняя сесія. А па чым вучыць? Дзе ўзяць падручнікі? Ды быў я не ў горшым стане, чым іншыя тагачасныя завочнікі з сельскіх школ. У мяне некаторыя патрэбныя кнігі меліся. Я іх прывёз з Германіі. Здзівіцца чытач? З’ява рэдкая – рускія кнігі з пераможанай Германіі. Але прыгода была такая. Стаялі ў Ландсбергу на Варце (здаецца, цяпер Гожуў Вялікапольскі). І ў адным багатым доме, яўна былога фашыста, бо жылі толькі дзве старыя, мы з парторгам выявілі вялікую колькасць рускіх кніг са штампам Смаленскага педінстытута. Я настойваў забраць іх у бібліятэку дывізіёна, але зампаліт адмовіўся, паведаміў каменданту: няхай вярнуць у Смаленск. Але я адабраў рускую класіку і тыя кнігі, якія, разумеў, спатрэбяцца для вучобы. І гэтыя кнігі я цягнуў дадому, калі зволіўся з арміі, – два мяшкі. Хто вёз шмаццё – я кнігі; з мяне смяяліся. Але помню выпадак у Брэсце: дэмабілізаваныя штурмам узялі вагон поезда на Гомель; з’явіўся камендацкі патруль і, баючыся чапаць франтавікоў, пачаў выкідваць праз акно іх скарб – чамаданы, клункі. Паднялі мой мяшок. «Во, гад, нарабаваў. Залатыя зліткі ці цэглу?» – «Кнігі, хлопцы! Кнігі вязу» – «Нямецкія?» – «Нашы! Немцы вывезлі. Як не забраць такое дабро!» Вельмі здзівіўся чырвонатвары старшына, памацаў кнігі і не выкінуў мяшок. А з ім і я застаўся ў вагоне. Была яшчэ адна праблема: з Церахоўкі да Пракопаўкі дабрацца з такім грузам. Але і тут пашанцавала.

У такіх умовах жыцця і працы я завочнічаў. Сам здзівіўся, калі ў самы галодны 1946 год вытрымаў экзамены па ўсіх прадметах першага курса. Не скажу, што выдатна, але прыстойна. У наступны год ухвалілі на друку першую частку «Глыбокай плыні», прынялі ў сябры Саюза пісьменнікаў. І я, мабыць, трохі зазнаўся: маўляў, умею пісаць і без тэорыі літаратуры, псіхалогіі. За другі курс засталіся «хвасты».

А яшчэ праз год Пятрусь Броўка парэкамендаваў мяне ў Рэспубліканскую партыйную школу. Хто адмовіўся б? Стыпендыя ў два разы большая, чым настаўніцкая зарплата. Ды і хто з нас, маладых, не імкнуўся ў Мінск, бліжэй да выдавецтва, часопісаў! І скончыў я сваю вучобу ў Гомельскім педінстытуце. Дарэмна. Але сувязі з ім не парываў. Узрадаваўся, калі ў 1969 годзе інстытут ператварылі ва Універсітэт. Ганарыўся. Сам напрасіўся ў міністра Мікалая Машкова паехаць з ім на ўрачыстае адкрыццё другога ў рэспубліцы універсітэта – у родным мне Гомелі, які любіў з маленства, недарэмна і аповед свой пачаў з Палаца. Між іншым, калі музей пазней расчараваў, то парк заўсёды здаваўся унікальным помнікам ландшафтнай архітэктуры: паездзіў па свеце, бачыў многія паркі і пераканаўся, што ў сваёй першароднасці Гомельскі не горшы за многія з іх. Горка толькі, што наш нацыянальны помнік не даглядаецца і не зберагаецца так, як гэта робіцца ў іншых краінах.

...Адкрыццё Універсітэта было ўрачыстае – свята ўсёй інтэлігенцыі, усіх, хто рабіў у педінстытуце і заставаўся ва Універсітэце, хто скончыў педінстытут імя Чкалава і працягваў вучобу на ВНУ вышэйшага рангу.

Там, на свяце, пазнаёміўся з першым рэктарам – Уладзімірам Аляксеевічам Белым, выдатным вучоным, дасціпным чалавекам. Але асабліва я зблізіўся з Барысам Васільевічам Бокуцем, у нас устанавілася добрае чалавечае сяброўства. Шчыры беларус, ён заваражыў мяне веданнем роднай літаратуры. Фізік і Паэт – сказаў бы я пра яго. У кожны прыезд у Гомель я заходзіў да Барыса Васільевіча, і мы гутарылі гадзінамі. А прыязджаў я часта, бо яшчэ ў 1951 годзе з дапамогай бацькі, цесця, швагера збудаваў у Церусе, адкуль мая жонка, хаціну, і ў ёй кожнае лета адпачывала мая сям’я, ды і мне там хораша працавалася, хораша адпачывалася ў акружэнні людзей, якіх я ведаў з маленства – маіх равеснікаў з Церухі, Краўцоўкі, Гуты, Грабаўкі...

Па ініцыятыве Бокуця мы заключылі няпісаную дамову: у пачатку кожнага навучальнага года ва Універсітэце – літаратурны вечар. Сакратар Саюза пісьменнікаў, я падбіраў брыгаду паэтаў, празаікаў, крытыкаў – чалавек 10–12. Праводзіўся агульнауніверсітэцкі вечар, надзвычайны па сваім змесце, форме, цеплыні, з якой сустракалі нас студэнты, выкладчыкі, кіраўніцтва горада. А паколькі зала ўсіх змясціць не магла, на другі дзень, разбіўшыся на групы, выступалі на факультэтах. Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі, акадэмік Бокуць быў першым, хто пасвяціў мяне ў наступствы трагедыі, пра што ў той час прачытаць было немагчыма. Барыс Васільевіч па сутнасці мяне кансультаваў, калі я працаваў над раманам «Злая зорка». Па-мойму, яшчэ ў значнай меры не ацэнены ўклад гэтага вучонага-гуманіста ў арганізацыі многіх мерапрыемстваў, устаноў, якія памагалі народу і ўладам зменшыць наступствы вялікай бяды.

Думаю, кніга, якая рыхтуецца да выдання ва Універсітэце, раскажа аб укладзе кожнага вучонага і ў Чарнобыльскую праблему, і ва ўздым эканомікі, культуры. Радуюся, што са сцен універсітэта выйшла нямала вядомых беларускіх пісьменнікаў.

Універсітэт скончылі мой сын і зяць, геолагі; на гора нам сын наш рана пайшоў з жыцця – у 41 год. Добрыя спецыяльнасці даў Універсітэт некалькім маім пляменнікам і пляменніцам. Яны і сёння жывуць у Гомелі, мы часта сустракаемся. Для мяне быў і застаецца гэты горад родны.

Шлю ўсім выкладчыкам, усім, хто вучыўся і вучыцца ў сцянах Гомельскага універсітэта імя Ф. Скарыны, усім гамельчанам самыя шчырыя пажаданні – шчасця вам усім у ХХІ стагоддзі! Паклон табе, слынная кузніца кадраў! Паклон табе, родны Гомель!


12.01.2002. Іван Шамякін, народны пісьменнік Беларусі




«Я ж светлы пісьменнік»
Іван Шамякін

(30.І.1921 – 14.Х.2004)


Па сутнасці, кожнаму вядомае імя Івана Пятровіча Шамякіна. Таму мы не будзем падрабязна ўзнаўляць вехі жыццёвага і творчага шляху народнага пісьменніка – звесткі пра гэта кожны атрымаў яшчэ ў школе, хіба што згадаем, што нарадзіўся ён у 1921 годзе.

Бадай што ніводзін з беларускіх пісьменнікаў не зведаў такой вялікай папулярнасці і славы на сваёй радзіме, у яе блізкім і далёкім замежжы, як наш зямляк. Быў час, не такі ўжо і далёкі, калі раманы Івана Пятровіча выходзілі мільённымі тыражамі (простаму пералічэнню ўсіх твораў пісьменніка, якія выйшлі да пачатку 90-ых гадоў, адведзена аж 17(!) старонак біябібліяграфічнага слоўніка), імі зачытваліся жыхары былога Саюза, ад Калінінграда да Камчаткі, запісваліся на чаргу ў бібліятэках. Бестсэлеры празаіка, а толькі такім словам можна адэкватна перадаць ягоны поспех, разыходзіліся імгненна, імі захапляліся, крытыкавалі, але ніхто не заставаўся раўнадушным. Шамякін заўсёды паўставаў майстрам сюжэту, займальнай інтрыгі, што будзе трымаць чытача ў палоне да канца, пакуль не завершыцца дзеянне. Ды і далейшае бытаванне сваіх герояў вельмі часта дадумваў сам дапытлівы чытач, які па сутнасці завальваў пісьменніка лістамі з наіўнымі просьбамі сказаць, што будзе далей з улюбёнымі персанажамі. А калі яшчэ дадаць, што заўсёды аўтар абіраў у якасці даследавання надзвычай актуальныя тэмы, якія хвалявалі ўсё грамадства, то можна зразумець сакрэты ягонай вялікай папулярнасці і любові.

Зараз вакол імя слыннага празаіка разгортваюцца дыскусіі, многія не падзяляюць яго поглядаў на сацыяльнае развіццё грамадства, тым больш, што аўтар застаўся верным прынцыпам сацыялістычнага рэалізму; лічаць, што ягоная спадчына ўжо не варта такой пашаны, якую мела ў застойныя часы. Можна, зразумела, па-рознаму адносіцца да светапогляду пісьменніка, бачыць у ім кансерватыўныя праявы, аспрэчваць ягоныя ідэалы, але нельга не паважаць Івана Пятровіча за яго шчырасць, адназначнасць жыццёвай і мастацкай пазіцыі, за глыбокую веру ў чалавека і ягонае прызначэнне на зямлі.

Можа, гэта звязана з тым, што Іван Шамякін нарадзіўся ў вёсцы Карма Добрушскага раёна. (Ён сам бачыў запіс аб нараджэнні ў метрычнай кнізе мясцовай царквы, якая славутая тым, што тут знаходзяцца нятленныя мошчы святога Іаана Кармянскага), і ўсё яго дзяцінства і юнацтва прайшлі на ўлонні роднай прыроды. Ці не таму назаўсёды засталіся з ім дарагія сэрцу краявіды – вялікія лугі з густой і высокай травой і дубы на беразе Сожа. Менавіта тут ён успрыняў запавет самых дарагіх людзей – сваіх бацькоў, а гэта значыць – і запавет народа: жыць так, каб не было сорамна перад людзьмі. Ягоная маці, амаль непісьменная жанчына, мела вялікае шчырае сэрца і незвычайную дабрыню, якая ў пэўнай ступені і перадалася сыну. Ці не таму і жыў заўсёды яе Іванька па законах сумлення, спрабуючы зрабіць і гэты сусвет крыху дабрэйшым і цяплейшым. Іван Пятровіч заўсёды шчыра спаўняў свой жыццёвы абавязак – быў добрым сынам, адданым і верным мужам, клапатлівым бацькам, адважным салдатам: прайшоў праз усю вайну ад Мурманска да Одэра.

Але заўсёды ў яго душы панавала одна, но пламенаня страсть – пісаць, пісаць і яшчэ раз пісаць. Ён быў апантаны гэтай справай – пісаў у маленькіх прамежках паміж налётамі варожых «юнкерсаў»; калі ўсе, стомленыя і змучаныя, кідаліся падрамаць; пісаў у цяжкія пасляваенныя гады. Дзень працаваў у школе, вечарамі праводзіў паседжанні агітатараў, а ноччу, пры газніцы, пісаў. Жыў у беднасці і нястачы (якая зарплата тады была ў настаўніка і тым болей медсястры!), праз вокны, палавіна шыб у якіх замяняла гнілая фанера, а рэшта была злеплена з кавалачкаў шкла, за ноч намятала ў пакой снегу, і больш за ўсё яго было на стале, дзе ён пісаў. Сачыняў ўсё падрад: апавяданні, нарысы, раманы. Ствараў, як дэміург, свой сусвет, дзе ўсё будавалася па законах праўды і справядлівасці, дзе жылі прыгожыя знешне і ўнутрана людзі. Ён быў настаўнікам не толькі па прафесіі, але і па прызванні, тым самым працягваючы нацыянальную традыцыю, пачатую Коласам. Не змяніўся пісьменнік і пасля таго, як да яго прыйшлі заслужаныя слава і прызнанне. Гэта нястомны працаўнік, які не ўяўляе свайго жыцця без пісьмовага стала. Гэта чорнарабочы яе вялікасці Літаратуры, якой ён працягваў служыць верна і безадказна ўсё жыццё. Праўда, творы пісьменніка апошніх гадоў, якія выходзілі даволі часта, усё больш прасякнуты смуткам, песімізм выразна становіцца лейтматывам апошніх аповесцей (згадаем толькі загалоўкі – «Сатанінскі тур», «Бумеранг», «Падзенне», «Без пакаяння», «Злая зорка»). Нялёгка было Івану Пятровічу: памерла любая жонка, не цешыла сэрца сучасная доля нацыянальнай культуры. Як пісаў народны пісьменнік, нестабільнасць, разлад жыцця ў краіне пазбаўляе людзей стымулаў да працы, нараджае дэпрэсію, абыякавасць – абы пражыць сёння. Гэта цяжкая хвароба, самая цяжкая з усіх. І далей: Цяпер я разумею старых акцёраў. Самае страшнае – сысці са сцэны і быць забытым пры жыцці.

Аднак усе гэтыя песімістычныя ноткі былі ў Івана Пятровіча часовыя, бо ён па натуры быў аптымістам, а любоў да жыцця і працы – вызначальнымі рысамі яго характару. Незадоўга да смерці ён пісаў самому сабе: «Вяртайся, Іван, да літаратуры! Пачаць бы раман! Пра наш дзень... Я ж светлы пісьменнік».

Бадай што самая светлая старонка ў жыцці Івана Пятровіча – Гомель і Гомельскі універсітэт імя Ф. Скарыны. Будучы ўжо славутым пісьменнікам, ён пры любой нагодзе прыязджаў сюды. І вяла яго не толькі любоў да маленькай радзімы (Што зробіш, дарагі чытач, у кожнага з нас свая слабасць, а гэтая слабасць, відаць, ёсць ва ўсіх – пры выпадку і без выпадку сказаць хоць некалькі слоў аб родных мясцінах, аб тых лясах, дзе прайшло тваё маленства, аб тых лугах, дзе ўпершыню мянташыў касу і адчуў, што пот салёны), але і светлае, адзінае, велічнае каханне да сваёй незабыўнай Машы (Марыі Філатаўны) – У Гомелі я неаднойчы адрываўся ад кампаніі сваіх калег, з якімі прыязджаў у родны горад на выступленні, і ішоў па вуліцы Астроўскага. Хадзіў там з дзіўным душэўным трапятаннем. Гэта была вуліца нашага з Машай кахання, на ёй Маша кватаравала, і я штовечар лётаў туды на спатканне.

Адразу пасля школы Іван Шамякін стаў студэнтам тэхнікума будаўнічых матэрыялаў, а не філфака Гомельскага педінстытута, толькі таму, што не хапала гадочкаў. Але ўжо тады цесна сябраваў з паэтамі Леанідам Гаўрылавым і Кастусём Кірэенкам, студэнтамі гэтай навучальнай установы, з якімі разам уваходзіў у літаб'яднанне пры газеце «Гомельская праўда». Памылка была выпраўлена пасля вайны, калі малады настаўнік і пісьменнік завочна вучыцца ў Гомельскім педінстытуце. Як успамінаў Іван Пятровіч, калі першы год – 1946 – здаваў усе прадметы акуратна, то, зрабіўшыся пісьменнікам, стаў хадзіць з «хвастамі». Здаецца, уводзіны ў мовазнаўства ці штосьці падобнае, але блізкае да літаратуры, мудрагелістае, я пераздаваў разы тры, уедлівы русак-выкладчык саромеў мяне: «Какой же вы писатель!» Увогуле з мовамі ў мяне былі нелады, у тым ліку і з беларускай. Але ж паміж нашай Alma mater і самім пісьменнікам засталіся вельмі блізкія і сяброўскія ўзаемаадносіны да канца яго жыцця. У архіве кафедры беларускай літаратуры ёсць шматлікія фотаздымкі літаратурных дэсантаў на чале з І. П. Шамя-кіным, што кожны год прыязджалі ў ГДУ. Ганарыўся пісьменнік знаёмствам з першым рэктарам універсітэта, вядомым фізікам Б. В. Бокуцем: Прызджаючы на Гомельшчыну, я ніколі не мінаў універсітэт… Бокуць удзяляў асаблівую ўвагу філалагічнаму факультэту. Як ніхто з іншых рэктараў Ён рабіў Гомельскі універсітэт беларускім. Да апошняга дня (памёр пісьменнік 14 кастрычніка 2004 года) працаваў надачнымі ўспамінамі (у тым ліку і пра Гомельшчыну), збіраў матэрыял для будучага музея у нашай вну. Незадоўга да яго смерці дэлегацыя універсітэта наведала свайго славутага вучня на яго лецішчы, пабывала ў яго рабочым кабінеце на кватэры і ў Ждановічах. Іван Пятровіч быў надзвычай усцешаны гэтым візітам, згадваў сваю вучобу ў тыя далёкія часы, перадаваў прывітанне прафесуры, якую добра ведаў, выкладчыкам філфака, якія прапагандуюць ягоную творчасць, студэнтам і моладзі, якую ён вельмі моцна любіў.



Прывітанне Вашым калегам! Кланяюся ўсім прапагандыстам маёй творчасці і ўсёй беларускай літаратуры, даволі багатай. Нам ёсць чым ганарыцца! Спадзяюся, чыноўнікі зразумеюць гэта, хочацца дажыць да гэтага шчаслівага часу.

Яшчэ раз усяго найлепшага

1 мая 2002 г. Іван Шамякін

Менавіта ў тым годзе ён стаў Лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, а універсітэт імкнуўся прыкласці намаганні, каб адкрыць помнік і музей пісьменніку. З мэтай ушанавання памяці народнага пісьменніка ў 2007 годзе былі праведзены Міжнародныя навуковыя чытанні, прысвечаныя памяці Івана Шамякіна.

ГДУ імя Ф. Скарыны ганарыцца сваім былым студэнтам, як і ўся Гомельшчына ганарыцца сваім славутым земляком. А кнігі ягоныя чытаюцца.

Аб адметнасці пісьменніка як асобы і спецыфіцы ягонай творчасці апошніх гадоў сведчыць згадка з цыкла Начныя ўспаміны:


Незвычайны чытач

Урачы парэкамендавалі мне курортнае лячэнне – Есентукі. Паехаў. У нялепшы час – напрадвесні. Мабыць, спадзяваўся, што на Каўказе будзе цёпла. А там, як у нас, у сакавіку па начах марозіла, а ў некаторыя дні падаў мокры снег.

…Людзі мяне заўсёды цікавілі. У калідоры у сталоўцы я заводзіў размовы. Прафесіі сваёй не выдаваў – прасцячком прыкідваўся.

Недзе пад канец лячэння, за тыдзень да ад'езду, мяне зацікавіў адзін чалавек. Ён ледзьве не ўвесь дзень сядзеў у канцы калідора каля вакна і… чытаў. Але як чытаў! Не вачамі – рукамі. Ён быў сляпы. Я тады не ведаў, як называлася азбука, не бачыў, як чыталі сляпыя. Упершыню ўбачыў. Спыніўся перад ім і доўга глядзеў, як чулыя пальцы яго хутка бегаюць па старонцы, дзе замест звычайных літар – дзірачкі, як наколеныя шылам. Але рукі – само сабой. Цікавей было назіраць, як прачытанае адбіваецца на яго твары: хмурасць, злосць, радасць, здзіўленне, захапленне.

Я стаяў не вельмі блізка, але чалавек пачуў мяне, адарваўся ад сваёй незвычайнай тоўстай кнігі, спытаў:

– Вы хочаце нешта сказаць?

Я разгубіўся:

– Не, я так. Мне проста цікава, як вы чытаеце.

– Што ж тут цікавага?

– Вы хутка чытаеце.

– Не так хутка, як вы.

Мне здалося, што яму не спадабаўся мой камплімент, і я папрасіў прабачэння.

На другі дзень я спыніўся яшчэ далей, не адрываючы позірку ад яго пальцаў, якімі ён чытаў. Але і з такой адлегласці ён пачуў і, што самае дзіўнае, пазнаў мяне. Адарваўся ад кнігі, спытаў:

– Гэта вы? Учарашні?

– Я.

– Вы стары, малады?



– Вашых гадоў. У мяне была кантузія, і я месяц нічога не чуў… Але, на шчасце, абышлося…

– У мяне з малых гадоў. Мяне ўдарылі па галаве.

– Хто? Равеснік?

– Не. Стары. Я па яблыкі залез.

– Сволач ён, гэты стары: так біць малога.

Мама мая кажа, што Бог пакараў яго. Ён павесіўся. Вы верыце ў Бога?

Сярод простых людзей, незнаёмых асабліва, гэта было самае цяжкае пытанне. Неяк мяне спытала мая родная цётка, і я круціўся, як уюн на патэльні. Што адказаць гэтаму сляпому? Ды не, я не разгубіўся. Меўся адказ, які аспрэчыць ніхто не мог.

– Я камуніст.

– А-а, – сказаў сляпы і як бы страціў цікавасць да мяне. Мабыць, сам ён верыў у Бога ці, можа, яму хацелася выгаварыцца, паспрачацца.

На трэці дзень я падышоў да яго смела, павітаўся, як з добрым знаёмым, і адразу спытаў:

– А што вы чытаеце? – учора я быў упэўнены, што чытае ён Евангелле, не дарэмна спытаў, ці веру я ў Бога.

– «Глубокое течение».

– Што-што?

– Раман «Глубокое течение». Не чыталі? Цікава.

Я захлынуўся ад нечаканасці, праглынуў усе словы. Другой такой разгубленасці не помню. Што адказаць? Што я – аўтар? Не паверыць! Безумоўна, не паверыць! Аўтар такога рамана – на мову сляпых перакладзены! – у захудалым санаторыі! Засмяецца ў твар. Ці ўвогуле пашле да такой мацеры. Ці падумае, што ў мяне не ўсё ў парадку ў галаве. Для яго ўсё роўна, што я сказаў бы, быццам напісаў «Ціхі Дон».

Баючыся прадаўжаць размову, стаіўшы дыханне, я на дыбачках адышоў ад незвычайнага чытача майго. І больш не падыходзіў – ні ў той дзень, ні ў наступны. А так хацелася сказаць яму! Шчыра: хто з нас, творцаў, не славалюбны? Усе! А раптам чалавек паверыў бы! Якая для яго, гаротнага, была б прыгода: пагутарыў з самім аўтарам. Як расказваў бы ў сям'і сваёй, знаёмым!

Чаму ж я не магу сказаць яму? Чаму? Што мяне стрымлівае? Слепата яго? Любому, хто чытаў бы любую маю кнігу на любой мове, я, напэўна, не пасаромеўся б прызнацца ў сваім аўтарстве.

Не быў хвальком, рэкламшчыкам, але і асаблівай, дзявочай, сціпласцю ці сарамлвіасцю не вызначаўся. Ды якая гэта пахвальба – прызнацца, што ты сачыніў гэтую кнігу: на вокладцы ж тваё імя, прозвішча, ды і партрэт часта змешчаны. Дык чаму ж я не магу сказаць сляпому, што ён чытае маю кнігу? Прайшло ледзьве не паўстагоддзе, і я не магу вытлумачыць гэты псіхалагічны феномен…




  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   30


©netref.ru 2017
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет